Слуцкі раён размешчаны ў паўднёвай частцы Мінскай вобласці, мяжуе з Салігорскім, Капыльскім, Уздзенскі, Пухавіцкім, Старадарожскім і Любанскім раёнамі. Яго плошча - 1821 км 2. У раёне 208 населеных пунктаў.
Цэнтр раёна - г. Слуцк. Знаходзіцца ў паўднёвай частцы раёна, на рацэ Случ, у 100 км на поўдзень ад Мінска. У горадзе больш за 280 вуліц і завулкаў агульнай даўжынёй 90,3 км, зялёных насаджэнняў звыш 400 га, 2 паркi.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №156 ад 28 сакавіка 2005 г. Слуцкі раён і горад Слуцк аб'яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку - Слуцкі раён.
Прырода
Вялікая частка раёна размешчана ў межах Цэнтральнай раўніны, паўночна-заходнюю частку займае Капыльская града. Рэльеф раўнінны. Найвышэйшая кропка над узроўнем мора - 213 м (на поўдзень ад в. Жылін Брод).
Галоўная водная артэрыя - рака Случ з прытокамі Морач, Лакнея, Весейка, Сівельга. Найбольш буйныя вадаёмы - вадасховішча каля вёсак Рудня і Боркі, плошчай адпаведна 3,7 і 0,7 км 2 .
Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў раёна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (34,2%), дзярнова-падзолістыя (29,8%), дзярновыя забалочаныя (14,7%), тарфяна-балотныя (13,6%) і інш. Пад лясамі каля 24% тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Пад балотамі каля 1% плошчы раёна.
З паляўніча-прамысловых жывёл у лясах Слуцкага раёна водзяцца лось, дзік, заяц, лісіца, куніца, цецярук і інш.
З ахоўных жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, сустракаюцца пугач, вераб'іны сыч, хахлаты жаўрук, чорны каршун, зьмяяяд, гальштучнiк, валасянка-белашэйка; з раслін - пярэсна еўрапейская, зубянка клубненосная, журавіны дробнаплодныя, дуброўка белая, званочак шыракалісты, цыбуля мядзведжая, шпажнік чарапiтчаты, любка зеленакветкавая, менегацыя прабураўленая.
Карысныя выкапні
Карысныя выкапні ў Слуцкім раёне прадстаўлены радовішчамі торфу, мелу, калійных соляў (паўночная частка Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей), будаўнічых пяскоў, пясчана-жвіровага матэрыялу, глін і суглінкаў.
Клімат
Сярэдняя тэмпература студзеня - 6,3°С, вагаецца ад -16,3°С (1987) да 0,3°С (1989), ліпень 17,8°С, ад 14,5°С (1979) да 21,5°С (1936 г.). У год выпадае 625 мм ападкаў, ад 351 мм (1953) да 830 мм (1998). Вегетацыйны перыяд працягваецца 193 сутак.
Насельніцтва
Па стане на 2017/01/01 г. колькасць насельніцтва Слуцкага раёна склала 91 684 чалавек, у тым ліку ў сельскай мясцовасці - 29 537 чалавек, гарадское насельніцтва - 62 147 чалавек.
Нацыянальны склад насельніцтва: беларусы - 89,9%, рускія - 6,4%, украінцы - 1,4%, палякі - 0,3%, іншыя нацыянальнасці - 2,0%.
Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года ў Слуцкім раёне пражывала 43,9 тысяч мужчын і 51,2 тысячы жанчын. На 1000 мужчын прыпадала 1164 жанчыны.
Сярэдні ўзрост насельніцтва раёна па перапісу насельніцтва 2009 года склаў 40,9 гадоў, у тым ліку сярэдні ўзрост мужчын - 38, а жанчын - 43,3 года.
Удзельная вага працаздольнага насельніцтва склала 59,4% ад агульнай колькасці насельніцтва, у тым ліку па горадзе - 63,5%, па раёне - 51,9%. Па іншых узроставых групах насельніцтва маладзей працаздольнага ўзросту (0-15 гадоў) складае 15,8%, ва ўзросце старэй працаздольнага - 24,8%.
Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года былі ў шлюбе 64,1% мужчын і 53,6% жанчын, ніколі не былі ў шлюбе - 24% мужчын і 14,9% жанчын, 7,5% мужчын і 10,3% жанчын - разведзеныя.